САЮ́З БЕЛАРУ́СКАЙ ДЭМАКРА́ТЫІ,

грамадска-палітычная арг-цыя заходнерусісцкага кірунку, якая дзейнічала ў Гомелі ў крас.ліст. 1917. Ініцыятарам стварэння саюза выступіла група работнікаў асветы і дзярж. служачых, эвакуіраваных з Вільні. На сходзе «беларусаў-дэмакратаў» 23 крас. выказана думка пра стварэнне С.б.д. з-за нязгоды з пастановамі з’езда Бел. нац. арг-цый (25—27 сак.) і непрызнаннем Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску ў якасці кіруючага цэнтра нац. руху. Сход пастанавіў стварыць «Часовы беларускі дэмакратычны камітэт» з 10 чал., старшынёй к-та выбраны П.​В.​Каранкевіч, яго намеснікамі — Д.​Г.​Гулевіч, і Ф.​В.​Шышко. Дзейнасць саюза выявілася ў выступленнях супраць заклікаў набыцця нац. аўтаноміі, нацыяналізацыі школы і інш. На выбарах ва Устаноўчы сход С.б.д. аб’яднаўся з Беларускай народнай грамадой, Беларускім нацыянальным камітэтам у Магілёве і Аршанскім бел. к-там. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 саюз спыніў сваю дзейнасць.

Літ.:

Сяменчык М.Я. Беларускія палітычныя арганізацыі краю і іх дзейнасць у сакавіку—чэрвені 1917 г. // Культурна-нацыянальныя працэсы на Беларусі ў другой палове XIX — пачатку XX стст.: Зб. навук. прац. Мн., 1998.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 14, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)